ГУМАНІТА́РНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў у галіне гуманіт. (грамадскіх) навук. Структура гуманітарнай адукацыі вызначаецца традыцыямі адукацыі і выхавання, якія склаліся ў канкрэтных супольнасцях. У краінах Зах. Еўропы і ЗША да гуманіт. дысцыплін адносяць гісторыю, філасофію, рэлігіязнаўства, л-ру, выяўл. мастацтва, музыку, замежную і родную мовы, а таксама сац. навукі (псіхалогію, эканоміку, сацыялогію, антрапалогію, лінгвістыку, паліт. дысцыпліны). У Беларусі і ў інш. краінах СНД гуманітарная адукацыя трактуецца больш расшырана — як сац.-гуманітарная ці гуманітарная і сац.-эканамічная. Змест гуманітарнай адукацыі вызначаецца сукупнасцю навук, якія дазваляюць чалавеку пазнаць самога сябе, навакольнае асяроддзе, шляхі развіцця грамадства з улікам яго культ.-гіст. спадчыны. У сістэме адукацыі Беларусі сац.-гуманіт. падрыхтоўка ахоплівае гіст., эканам., сац.-паліт., правазнаўчыя, псіхолага-пед. дысцыпліны, родную і замежную мовы. У ліку асн. тэндэнцый рэфармавання адукацыі прадугледжваецца гуманізацыя (змест гуманітарнай адукацыі павінен грунтавацца на антрапакультуралагічным падыходзе) і гуманітарызацыя (сістэма мер, праз якія рэалізуюцца высакародныя мэты і прынцыпы гуманіст. каштоўнасцей у навуч. працэсе).

А.В.Макараў.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)